Вершы пра маці

Мама, мацi, матуля...

Мірта

Мірта

Яшчэ не ацэнена

І радасць і смутак
У маці ў паглядзе,
Што вырасла мірта
Раскошная ў садзе,
З якой доня хутка
На покуці сядзе, –
І радасць і смутак
У маці ў паглядзе.

Матуля шаптала
Замоўныя слоўцы,
Каб доня прыпала
Да сэрца й свякроўцы,
Каб мірта не стала
Калючым ядлоўцам, –
Матуля шаптала
Замоўныя слоўцы.

Няхай табе, доня,
Ўсміхаецца доля.
Лагоднаю будзе –
Ніколі не ўколіць.
І некалі ў садзе
Ты мірту пасадзіш
І з ёй сваю доньку
На покуць пасадзіш.

І радасць і смутак
У маці ў паглядзе,
Што вырасла мірта
Раскошная ў садзе,
З якой доня хутка
На покуці сядзе, –
І радасць і смутак
У маці ў паглядзе.